МУС Польшчы не ўводзіла новых патрабаванняў да дакументаў, выдадзеных у часы СССР. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе ведамства на ліст намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Паўла Латушкі.
Раней з’яўлялася інфармацыя, што польскія дзяржаўныя ўстановы адмаўляюцца прымаць дакументы, выдадзеныя ў БССР, без апостылю. Аднак атрыманне апостылю для многіх беларусаў, якія пакінулі радзіму па палітычных прычынах, практычна немагчыма, бо гэта пагражае пазбаўленнем свабоды.
«У адказ на Ваш ліст № 09-05/510 ад 12 жніўня 2025 года інфармую, што ліст Дэпартамента грамадзянскіх спраў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ад 28 ліпеня 2025 года, які тычыцца дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных органамі былога Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, не ўводзіў новых патрабаванняў для грамадзян Беларусі», – цытуе прэс-служба АПК афіцыйны адказ, падпісаны першым намеснікам міністра Магдаленай Рогускай.
12 жніўня Павел Латушка звярнуўся ў МУС Польшчы з просьбай паўторна разглядзець рэкамендацыі, згодна з якімі беларусы павінны замест дакументаў, выдадзеных у БССР/СССР, прадстаўляць сучасныя дублікатныя копіі гэтых дакументаў з апостылем.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы растлумачыла, што ліст МУС ад 28 ліпеня, які тычыўся дакументаў, выдадзеных у часы БССР/СССР, «мела інфармацыйны характар і не змяняла агульныя, раней дзеючыя правілы ацэнкі і аналізу прадстаўленых замежных дакументаў. У ім змяшчалася інфармацыя, у тым ліку пра дакументы грамадзянскага стану, выдадзеныя органамі былога Савецкага Саюза і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з улікам цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, вызначанай Міністэрствам замежных спраў Польшчы. Былі прадстаўлены звесткі пра дакументы, з якімі можна сутыкнуцца і якія на практыцы могуць быць прадстаўлены кіраўнікам органаў ЗАГС, а не пра тыя, якія з’яўляюцца адзінымі ці безумоўна абавязковымі для рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. У лісце Дэпартамент грамадзянскіх спраў прадставіў інфармацыю аб наглядзе за рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану».
Рогуска таксама паведаміла, што 21 жніўня МУС накіравала вояводам ліст з дадатковымі тлумачэннямі адносна гэтых правілаў.

