Выхаванне дзіцяці ў Польшчы становіцца ўсё даражэйшым

Паводле найноўшага дакладу Цэнтра імя Адама Смiта, выхаванне аднаго дзіцяці ад нараджэння да паўналецця каштуе ў сярэднім 358 тысяч злотых. Гэта азначае, што сярэдняя польская сям’я траціць каля 1 659 злотых у месяц на аднаго дзіцяці. У выпадку двух дзяцей агульныя выдаткі могуць дасягаць амаль 600 тысяч злотых.

Хаця гэтыя лічбы могуць здацца высокімі, аўтары дакладу падкрэсліваюць, што гэта сярэднія значэнні – рэальныя выдаткі залежаць ад месца пражывання, узроўню даходаў і стылю жыцця канкрэтнай сям’і.

Рост выдаткаў нягледзячы на ўмераную інфляцыю

У параўнанні з мінулым годам, выхаванне дзіцяці падаражэла прыкладна на 12 тысяч злотых. Для параўнання: у 2023 годзе кошт ацэньваўся на ўзроўні 346 тысяч злотых, а штомесячныя выдаткі складалі 1 602 злотых.

Цікава, што пры агульнай інфляцыі на ўзроўні 3,6% у 2024 годзе, рост выдаткаў на дзіця склаў толькі 3,35%. Гэта значыць, што ў рэальным выражэнні выдаткі амаль не змяніліся. Аднак аналітыкі папярэджваюць, што ў будучыні яны могуць расці хутчэй – у першую чаргу з-за росту коштаў на адукацыйныя і медыцынскія паслугі.

Другое дзіця “таннейшае” за першае

Даклад пацвярджае вядомую з’яву – так званы “эфект маштабу”: чым больш дзяцей у сям’і, тым адносна меншыя выдаткі на кожнае наступнае. Другое дзіця патрабуе каля 83% тых выдаткаў, што першае, а трэцяе – усяго 70%.

Пры вельмі ашчадным падыходзе, выхаванне аднаго дзіцяці можа каштаваць каля 200–250 тысяч злотых. Аднак калі гаворка ідзе пра прыватныя школы, гурткі, дадатковыя заняткі і прыватную медыцыну, сума можа дасягаць і паўмільёна злотых.

Гэта праблема не толькі бацькоў, але і дзяржавы

Хаця польскія сем’і могуць карыстацца дзяржаўнымі праграмамі – як 800+, «Dobry start» ці «Maluch+», аўтары дакладу звяртаюць увагу: гэтая дапамога не пакрывае рэальных выдаткаў. Праблемы ў дзяржаўнай сістэме адукацыі і аховы здароўя прымушаюць бацькоў карыстацца платнымі паслугамі, што вядзе да падваення выдаткаў – сем’і плацяць і падаткі, і з уласнай кішэні.

Эксперты падкрэсліваюць, што рост выдаткаў на дзяцей уплывае не толькі на бюджэты сем’яў, але і на будучыню ўсёй краіны. У Польшчы ўзровень нараджальнасці ніжэй за мінімальна неабходны для захавання колькасці насельніцтва (2,2 дзіцяці на адну жанчыну).

Старэнне насельніцтва і змяншэнне колькасці працаздольных людзей — гэта сур’ёзная пагроза для пенсійнай сістэмы, эканомікі і агульнай якасці жыцця. Таму інвеставанне ў дзяцей павінна разглядацца не як асабістая адказнасць бацькоў, а як стратэгічны прыярытэт дзяржавы.

Галоўнае — не толькі колькі дзяржаўных сродкаў трапляе да сем’яў, але як яны выкарыстоўваюцца. Важная эфектыўнасць і якасць паслуг, асабліва ў адукацыі і медыцыне.


На падст. bankier.pl
Фота: pixabay