Вышэйшая дапамога па беспрацоўі ў Польшчы ўжо з чэрвеня

З 1 чэрвеня 2025 года ў Польшчы ўступяць у сілу новыя правілы, якія датычацца дапамогі па беспрацоўі і сістэмы падтрымкі на рынку працы. Урад уводзіць шэраг змяненняў, якія маюць палепшыць становішча беспрацоўных і палегчыць іх вяртанне на рынак працы.

Базавы памер дапамогі па беспрацоўі павялічыцца. На працягу першых 90 дзён ён складзе 1662 злотыя брутта (прыкладна 1512 злотыя нетта), а пасля гэтага перыяду — 1305 злотыя брутта (прыкладна 1188 злотыя нетта). Асобы са стажам працы менш за пяць гадоў будуць атрымліваць поўную суму дапамогі замест ранейшых 80%.

Новаўвядзеннем з’яўляецца так званая «прыярытэтная дапамога», прызначаная для людзей з Картай Вялікай Сям’і і адзінокіх бацькоў, якія выхоўваюць як мінімум аднаго дзіцяці. Дзякуючы ёй яны могуць разлічваць на:

  • працяглы тэрмін атрымання дапамогі да 365 дзён,
  • доступ да дадатковых прафесійных курсаў і трэнінгаў,
  • індывідуальнае прафесійнае кансультаванне,
  • субсідыі на адкрыццё ўласнага бiзнесу,
  • прыярытэтны доступ да розных формаў падтрымкі, якія прапануюць службы занятасці.

З чэрвеня рэгістрацыя ў службах занятасці будзе магчымай не толькі па месцы рэгістрацыі, але і па фактычным месцы жыхарства. Таксама будзе пашыраны доступ да жыллёвых ваўчэраў — калі раней яны былі даступныя толькі асобам да 30 гадоў, цяпер дапамога будзе даступная беспрацоўным усіх узростаў.

Індывідуальныя планы дзеянняў будуць стварацца пераважна для моладзі да 30 гадоў, зарэгістраваных больш за 120 дзён, а таксама для тых, хто мае доўгія перапынкі ў працаўладкаванні. Урад таксама робіць акцэнт на актывізацыю асоб старэйшых за 50 гадоў, прапаноўваючы працадаўцам субсідыі да 50% мінімальнай заработнай платы за іх найм.

З 1 чэрвеня 2025 года будзе ўведзены механізм стварэння спісаў прафесій, па якіх замежнікі не змогуць атрымаць дазволы на працу ў выбраных павятах Польшчы. Рашэнне аб увядзенні такога спісу можа быць прынята ў выпадку складанай сітуацыі на мясцовым рынку працы, напрыклад, пры высокім узроўні беспрацоўя ці масавых звальненнях.

Фота: pixabay