Польшча ўжо шмат гадоў з’яўляецца месцам, дзе многія ўкраінцы шукаюць магчымасці для лепшага жыцця, прафесійнага развіцця або сховішча ад вайны. Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе ў Польшчы пражывала каля 1,2 мільёна ўкраінцаў, многія з якіх вялі ўласны бізнэс. Пасля ўварвання гэтая колькасць значна павялічылася, а гісторыі іх поспеху ў бізнэсе паказваюць, якую важную ролю адыгрываюць украінцы ў польскім грамадстве.
Кулінарная місія салідарнасці
Адным з прыкладаў паспяховага спалучэння прадпрымальніцтва і дабрачыннасці з’яўляецца Іван Гуз, уладальнік рэстарана «Кулінарная Украіна» ў Труймясце. Прыехаўшы ў Польшчу ў 2016 годзе, Іван хутка вывучыў мову і набыў кулінарны досвед, працуючы з польскімі калегамі. Яго рэстаран стаў месцам, дзе госці закахаліся ў ўкраінскія стравы, такія як бoршч і варэнікі.
Пасля пачатку ўварвання Іван аддаў сваю кватэру для ўкраінак і дзяцей, а сам начаваў у рэстаране. Ён таксама арганізаваў дапамогу для фронту – за ўласныя сродкі і пры падтрымцы польскіх сяброў набываў неабходныя рэчы, якія адпраўляліся на перадавую. Без афіцыйных збораў, дзякуючы падтрымцы палякаў, яго рэстаран стаў пунктам дапамогі ўкраінскім жаўнерам і іх сем’ям.
Адукацыя як ключ да будучыні
Ксенія Таранава, якая жыве ў Тчэве, зрабіла стаўку на адукацыю. У 2022 годзе яна адчыніла школу англійскай мовы для дзяцей «Big Step», дзе навучанне вядзецца па сучаснай методыцы Teddy Eddie, прызнанай адной з самых эфектыўных для дзяцей ва ўзросце 2–7 гадоў. Ксенія таксама арганізавала інтэграцыйныя лагеры для ўкраінскіх дзяцей-бежанцаў, супрацоўнічаючы з мясцовымі фондамі і ўладамі.
Дзякуючы яе намаганням сотні дзяцей змаглі не толькі вывучаць мову, але і знайсці стабільнасць і надзею ў новай рэчаіснасці. У сваёй школе Ксенія з’яўляецца выкладчыцай, метадысткай і дырэктаркай, марыць, як і ўсе ўкраінцы, пра перамогу і вяртанне да нармальнага жыцця.
Танец як тэрапія
Яшчэ адзін узрушальны прыклад — гісторыя Вікторыі Юр’евай, якая разам з мужам і дачкой уцякла з Харкава ў Варшаву. Ва Украіне яны вялі танцавальную студыю, а пасля пераезду ў Польшчу адкрылі Megapolis Dance Studio, дзе цяпер займаюцца 70 дзяцей з Украіны.
Іх студыя стала месцам, дзе танец выконвае тэрапеўтычную функцыю. Вікторыя і яе муж арганізавалі бясплатныя інтэграцыйныя заняткі для дзяцей-бежанцаў, дапамагаючы ім спраўляцца з траўмамі вайны і адаптавацца да новага асяроддзя.
Салідарнасць, якая будуе масты
Гісторыі Івана, Ксеніі і Вікторыі паказваюць, як прадпрымальніцтва і салідарнасць могуць суіснаваць, ствараючы прастору не толькі для асабістага развіцця, але і для дапамогі іншым. Украінцы ў Польшчы не толькі развіваюць свае бізнэсы, але і спрыяюць пабудове мастоў паміж народамі.
Іх дзейнасць натхняе і даказвае, што нават у самыя цяжкія часы можна працаваць на карысць грамадства, становячыся героямі паўсядзённага жыцця — на кухні, у школе ці на танцпляцоўцы.
На падст. uapl.info
fot. pixabay

