З ліпеня здаць экзамен на вадзіцельскія правы стане складаней. Даведайся, што змянілася

З 1 ліпеня 2025 года ў Польшчы ўступілі ў сілу новыя правілы здачы экзамена на вадзіцельскія правы. Новыя патрабаванні павінны заахвоціць курсантаў да больш адказнай падрыхтоўкі, павысіць бяспеку на дарогах і ўніфікаваць крытэрыі ацэнкі, каб выключыць суб’ектыўныя рашэнні экзаменатараў.

Адна з найважнейшых змен датычыцца наезду на падвойную суцэльную лінію. Цяпер такі манеўр лічыцца сур’ёзным парушэннем, незалежна ад абставінаў. Нават калі кіроўца аб’язджае такім чынам няправільна прыпаркаваны аўтамабіль, экзамен будзе адразу спынены.

Яшчэ адна змена — абавязковае ўключэнне паказальніка павароту. Калі кандыдат двойчы не ўключыць «пaвaротнік» пры змене паласы руху, ён заваліць экзамен — кожны выпадак лічыцца асобнай памылкай, а дзве сур’ёзныя памылкі азначаюць спыненне экзамену.

Падрабязны спіс сітуацый, якія аўтаматычна вядуць да спынення экзамену, утрымліваецца ў распараджэнні Міністра інфраструктуры, якое рэгламентуе правілы правядзення экзаменаў для кандыдатаў у вадзіцелі. У пераліку 18 пунктаў, у тым ліку:

  • стварэнне аварыйнай сітуацыі або ўдзел у ДТЗ,
  • аб’езд транспартнага сродку, які спыніўся, каб прапусціць пешахода,
  • абгон на пешаходным пераходзе або непасрэдна перад ім,
  • неаддача перавагі пешаходу, у тым ліку пры руху заднім ходам або пры пачатку руху,
  • неаддача перавагі на скрыжаванні, рэйкаваму транспарту, веласіпедыстам, пры змяненні або перасячэнні паласы руху,
  • перавышэнне хуткасці больш як на 20 км/г,
  • парушэнне забароны на абгон у небяспечных месцах, такіх як скрыжаванні, чыгуначныя пераезды, велапераезды,
  • праезд на чырвонае святло або ігнараванне сігналаў рэгулявальніка,
  • няправільны ўезд на чыгуначны або трамвайны пераезд,
  • істотнае ўскладненне руху з-за страты кантролю над транспартным сродкам.

На думку прадстаўніка Лодзiнскага рэгіянальнага цэнтра дарожнага руху (WORD) Мацея Выслаўскага, новыя правілы не павінны турбаваць кандыдатаў. Ён падкрэслівае, што змены тычацца адназначных і відавочных сітуацый — такіх, як праезд на чырвонае святло, неаддача перавагі ці парушэнне забароны на абгон. Гэта не рэвалюцыйныя змены.

У выпадку сур’ёзнай памылкі падчас экзамену экзаменатар адразу інфармуе аб яго спыненні. Калі сітуацыя дазваляе, кандыдат самастойна вяртае аўтамабіль на тэрыторыю WORD. У іншым выпадку кіраванне пераймае экзаменатар. Пасля вяртання кандыдат атрымлівае вуснае тлумачэнне прычыны спынення экзамену і копію пратакола з вынікам.

Практычны экзамен можна здаваць неабмежаваную колькасць разоў, аднак кожная спроба з’яўляецца платнай. У 2025 годзе кошт экзамену на катэгорыю B складае ад 200 да 230 злотых у залежнасці ад рэгіёна. Важна: папярэднія няўдалыя спробы не ўплываюць на вынік наступных — кожны экзамен ацэньваецца наноў.