Кампаніі беларусаў у Польшчы набіраюць сілу

У Польшчы зараз дзейнічае 7077 кампаній, адным з удзельнікаў або рэальных бенефіцыяраў якіх з’яўляецца грамадзянін Беларусі або беларуская кампанія. Даныя атрыманы з Цэнтра эканамічнай інфармацыі за мінулы год.

Рост дзелавой актыўнасці беларусаў пачаўся ў 2021 годзе, аднак найбольшая колькасць кампаній была створана ў 2022 годзе (1738) і 2023 годзе (1678). У 2024 годзе тэмпы рэгістрацыі новых прадпрыемстваў крыху знізіліся, але застаюцца высокімі — у першым паўгоддзі было зарэгістравана 687 новых кампаній з беларускім капіталам.

Частка гэтых прадпрыемстваў — праекты апошняй хвалі эмігрантаў, у тым ліку вымушаных, якія перанеслі бізнес з Беларусі ў Польшчу. Іншыя кампаніі з’явіліся пад уплывам санкцыйнага ціску, асабліва ў IT-сектары і транспартнай галіне.

Найбольшая колькасць, 1117 кампаній, працуе ў транспартнай сферы. Беларусы-перавозчыкі масава пераносілі бізнес у Польшчу пасля таго, як у 2022 годзе беларускім грузавікам забаранілі ажыццяўляць перавозкі на тэрыторыі ЕС. Яшчэ 444 кампаніі з беларускім капіталам займаюцца праграмаваннем, 421 — будаўніцтвам, а 289 — інтэрнэт-гандлем.

Да папулярных напрамкаў дзейнасці беларускіх кампаній у Польшчы таксама адносяцца аптовая гандаль, аздабленне памяшканняў і сфера прыгажосці — цырульні і касметычныя салоны.

Кожная другая кампанія з беларускім капіталам мае офіс у Варшаве, дзе дзейнічае 3533 арганізацыі. Наступныя па папулярнасці гарады — Беласток (754), Вроцлаў (357) і Бяла-Падляска (330).

Сярод лідараў па даходах — Beloil Polska (гандаль паліўнымі матэрыяламі), TELS Polska (транспарт і лагістыка) і Polcarbotrans, спецыялізаваная на імпарце і продажы каменнага вугалю.

Фота: Bloomberg / Evgeny Maloletka