Колькі каштуе білет на гарадскі транспарт? Параўноўваем цэны ў пяці вялікіх гарадах Польшчы

Цэны на праезд у грамадскім транспарце ў Польшчы істотна адрозніваюцца ў залежнасці ад горада, тыпу білета і часу яго дзеяння. Ва ўмовах росту коштаў жыцця людзі ўсё больш звяртаюць увагу на паўсядзённыя выдаткі, у тым ліку на транспарт. Эксперты з прыкладання PanParagon праверылі кошты білетаў у пяці найбуйнейшых гарадах Польшчы: Варшаве, Кракаве, Лодзі, Вроцлаве і Пoзнані. Высветлілася, што тарыфы ў гэтых гарадах моцна розняцца.

Сярод звычайных білетаў самы танны кароткатэрміновы білет (на 15 хвілін) ёсць у Вроцлаве — 3,20 злотага. У Пoзнані ён каштуе 4 злотыя, а ў іншых гарадах такая опцыя не прапануецца. У Варшаве, Кракаве і Лодзі даступныя 20-хвілінныя білеты коштам 3,40 зл., 4 зл. і 4,40 зл. адпаведна. Самы танны дзённы білет таксама ў Вроцлаве — 15 зл. У Лодзі ён каштуе 18 зл., у Пoзнані — 20 зл. Варшава прапануе самы дарагі сутачны білет і як адзіны горад — спецыяльны вікендавы білет за 24 зл., што зручна для турыстаў. Лодзь вылучаецца танным варыянтам 80-хвіліннага білета — 6,80 зл., у той час як 90-хвілінныя білеты ў іншых гарадах каштуюць ад 7 да 8 зл.

Сярод льготных білетаў самы танны 15-хвілінны білет зноў жа ў Вроцлаве — 1,60 зл. Дзённыя льготныя білеты самыя танныя ў Лодзі (9 зл.), а самыя дарагія — у Кракаве (11 зл.) і Варшаве (13 зл.). Вроцлаў таксама прапануе выгадныя білеты на даўжэйшы перыяд: на 3 дні — 16 зл., на тыдзень — 27 зл. У Пoзнані колькасць зніжак абмежаваная, а білет на 7 дзён каштуе 40 зл.

Месячныя білеты адрозніваюцца яшчэ мацней. Самы танны імянны льготны білет — у Кракаве (45 зл.), самы дарагі — у Лодзі (84 зл.). Сярод звычайных білетаў таксама самы танны — у Кракаве (90 зл.), самы дарагі — у Лодзі (168 зл.). Білеты на прад’яўніка недаступныя ў Кракаве і Пoзнані. У іншых гарадах, напрыклад у Варшаве, Лодзі і Вроцлаве, яны значна даражэйшыя — у Варшаве аж 230 зл. Гэта сведчыць пра тое, што імянныя білеты больш выгадныя, хоць і менш зручныя.

На тарыфы ўплываюць розныя фактары: фінансаванне транспарту, цэны на электраэнергію, колькасць пасажыраў і экалагічныя інвестыцыі. У выніку аднолькавая паездка можа каштаваць па-рознаму ў залежнасці ад горада. Эксперты раяць выбіраць білет пад канкрэтны маршрут, карыстацца шматдзённымі варыянтамі і сачыць за даступнымі зніжкамі. Таксама варта ведаць, што ў канцы красавіка PKP Intercity увяло адзін білет на цягнік і гарадскі транспарт у Варшаве.

фота: lodz.travel