На 41% менш першых карт побыту і доўгатэрміновых віз для беларусаў

Паводле дадзеных Eўрастата у 2024 годзе Польшча выдала грамадзянам Беларусі 151,1 тыс. першых дазволаў на жыхарства і нацыянальных віз тыпу D. Гэта на 41% менш, чым у 2023 годзе, і на 47% менш, чым у 2022 годзе.

Статыстыка Eўрастата уключае толькі тыя дакументы, што выдаюцца ўпершыню. Гэта значыць, улічваюцца толькі выпадкі, калі паміж заканчэннем папярэдняга дакумента і выдачай новага прайшло не менш за шэсць месяцаў. Дадаткова да звычайных дазволаў на жыхарства, у статыстыцы таксама ўлічваюцца доўгатэрміновыя візы (тып D), якія даюць права знаходзіцца ў краіне больш за 90 дзён.

У 2024 годзе большасць дазволаў (80,3 тыс., або 53,1%) беларусы атрымалі з мэтаю працы. Яшчэ 4,1 тыс. (2,7%) — на падставе вучобы, 2,1 тыс. (1,4%) — з сямейных прычын. А 64,5 тыс. дазволаў (42,7%) былі аднесены да катэгорыі «іншыя», куды ўваходзяць, напрыклад, уладальнікі Карты паляка.

Усяго Польшча выдала ў 2024 годзе 488,8 тыс. першых дазволаў на жыхарства замежнікам. Гэта самы нізкі паказчык за апошнія 10 гадоў і амаль на 25% менш, чым у 2023 годзе. Асноўным фактарам зніжэння стала меншая колькасць дакументаў, выдадзеных грамадзянам Беларусі — на 104,5 тыс. менш, што складае больш за дзве траціны агульнага падзення (153,9 тыс.).

Варта адзначыць, што колькасць дазволаў для беларусаў рэзка вырасла ў мінулыя гады, асабліва пасля 2020-га, таму цяперашняе падзенне выглядае асабліва выразна ў працэнтах.

Для параўнання: колькасць дазволаў, выдадзеных украінцам, у 2024 годзе знізілася толькі на 6% і склала 226,2 тыс.

Агульная тэндэнцыя сведчыць пра паступовае змяншэнне колькасці першых дазволаў на жыхарства, якія выдае Польшча. З 2021 года, калі быў зафіксаваны рэкорд — 967,3 тыс. дакументаў, назіраецца выразнае падзенне.

Паводле mostmedia.io
фота: karta-pobytu.pl