Партыя «Права і Справядлівасць» прапанавала змены ў Закон аб польскім грамадзянстве, якія цяпер выстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Праект прадугледжвае значнае павелічэнне патрабаванага тэрміну пражывання ў Польшчы — з трох да дзесяці гадоў — перад магчымасцю падачы заявы на атрыманнe грамадзянства. Цяпер, каб падаць заяву, замежнік павінен пражываць у Польшчы тры гады на падставе карты сталага побыту або карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. ПіС прапануе павялічыць гэты тэрмін да дзесяці гадоў.
Варта адзначыць, што іншыя нормы не змяняюцца. Па-ранейшаму будзе магчымасць атрымаць грамадзянства праз год пражывання на падставе карты сталага побыту, калі яна выдадзена на аснове польскіх каранёў. Два гады дастаткова тым, хто знаходзіцца ў шлюбе з грамадзянінам Польшчы або мае статус уцекача. Адначасова дзейнічае ўжо існуючая норма, што замежнік можа прэтэндаваць на грамадзянства пасля 10 гадоў легальнага пражывання ў Польшчы — незалежна ад тыпу дазволу на пражыванне. Такім чынам, нават пасля ўвядзення прапанаваных зменаў многія замежнікі змогуць падаваць заявы на грамадзянства раней, чым праз 10 гадоў пражывання на падставе карты сталага побыту.
У абгрунтаванні зменаў аўтары праекта сцвярджаюць, што цяперашні трохгадовы тэрмін — адзін з самых кароткіх у Еўрапейскім Саюзе і можа быць недастатковым для поўнай інтэграцыі замежнікаў, вывучэння мовы і разумення польскай культуры. Аднак гэта выклікае спрэчкі, бо ўжо сёння патрабуецца сертыфікат валодання польскай мовай на ўзроўні не ніжэй B1, як пры атрыманні грамадзянства, так і карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. На практыцы ж замежнікі праводзяць у Польшчы больш часу, перш чым выканаць умовы для падачы заявы, чым гэта вынікае з фармальнага тэрміну.
Праект спасылаецца на прыклады такіх краін, як Германія, Францыя, Чэхія, Венгрыя і Іспанія, дзе патрабаваны тэрмін пражывання даўжэйшы — хаця ў многіх з гэтых краін існуюць выключэнні і скарачэнні тэрмінаў для добра інтэграваных замежнікаў. Стваральнікі праекта лічаць, што больш доўгі час пражывання павялічыць грамадзянскую актыўнасць, сацыяльную згуртаванасць і прынясе эканамічныя выгоды. З другога боку, яны прызнаюць, што Польшча можа стаць менш прывабнай для мігрантаў — асабліва з Украіны, што негатыўна адбіецца на рынку працы і паступленнях у бюджэт.
Кожны грамадзянін можа прыняць удзел у грамадскіх кансультацыях па гэтым праекце — яго нумар RPW/15086/2025 (документ №1273). Форма для водгукаў даступная на сайце Сейма па спасылцы «Ankieta» пасля рэгістрацыі праз платформу Gov.pl, напрыклад, з дапамогай інтэрнэт-банкінгу або Даверанага профілю.

