Польшча вырашыла працягнуць перыяд часовай абароны для ўцекачоў з Украіны да 2026 года, адначасова ўвёўшы больш строгія правілы адносна выплаты дапамогі 800+.
У пятніцу Сейм прыняў змены ў некалькі законаў, звязаных з сацыяльнай дапамогай замежнікам і падтрымкай грамадзян Украіны, якія ўцякаюць ад вайны. За прыняцце новых правілаў прагаласавалі 227 дэпутатаў, 194 — супраць, 7 ўстрымаліся.
Паводле новых правілаў, права на ўдзел у сацыяльных праграмах — у тым ліку 800+ — замежнікі атрымаюць толькі ў выпадку легальнай занятасці і адпраўлення дзяцей у польскія школы. Законатворца прадугледзеў выключэнні, у тым ліку для людзей з інваліднасцю і непаўналетніх грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў прыёмных сем’ях.
Дапамога будзе выплачвацца толькі тым, хто атрымлівае не менш за 50% мінімальнай заработнай платы (у 2025 годзе гэта 2333 злотых брута). Гэта рашэнне мае прадухіліць фіктыўную занятасць.
За эканамічна актыўных таксама будуць прызнавацца беспрацоўныя, зарэгістраваныя ў службе занятасці, а таксама тыя, хто атрымлівае дапамогу па беспрацоўі, дэкрэтную дапамогу, дапамогу па даглядзе за дзіцем, пенсію або рэнту.
Асобна прадугледжана, што зарэгістраваныя беспрацоўныя змогуць атрымліваць дапамогу «800+» на працягу трох месяцаў, а сем’і з трыма і больш дзецьмі — да шасці месяцаў.
За верыфікацыю права на дапамогу будзе адказваць Zakład Ubezpieczeń Społecznych (ZUS). Штомесяц гэтая ўстанова будзе кантраляваць працоўную актыўнасць замежнікаў, а таксама правяраць у базе Памежнай службы, ці не пакінуў чалавек Польшчу.
Умова для падачы заяўкі на дапамогу — нумар PESEL, пры прысваенні якога таксама правяраецца пражыванне дзяцей у Польшчы.
Што датычыць медыцынскіх паслуг, то ў цяперашні час грамадзяне Украіны з часовай абаронай у Польшчы маюць абмежаваны доступ толькі да пэўных праграм (напрыклад, лячэнне ад залежнасцей або санаторыя). Новы закон пашырае спіс працэдур, якія для іх стануць недаступнымі — сярод іх стаматалагічнае лячэнне, эндатраплантацыя або выдаленне катаракты.
У той жа час прынятыя нормы больш мяккія, чым прапанова прэзідэнта. Кароль Навроцкі прапаноўваў, каб украінцы маглі карыстацца медыцынскімі паслугамі толькі пры легальнай занятасці і наяўнасці медыцынскага страхавання.
Документ таксама працягвае законнае права знаходжання грамадзян Украіны ў Польшчы да 4 сакавіка 2026 года.
Новыя правілы ўступяць у сілу на наступны дзень пасля публікацыі ў Dziennik Ustaw. Пасля гэтага законапраект разгледзіць Сенат, а напрыканцы яго падпіша прэзідэнт Кароль Навроцкі.
Нагадаем, што нядаўна прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі наклаў вета на змены ў спецыяльны закон пра дапамогу грамадзянам Украіны ў сувязі з ваенным канфліктам. Свае аргументы ён тлумачыў тым, што дапамога 800+ і бясплатная медыцынская дапамога павінны належаць толькі тым украінцам, якія працуюць у Польшчы.

