У польскі Сейм паступіў законапраект, які прадугледжвае адмену дзеючых на сёння тэрмінаў разгляду спраў аб прадастаўленні міжнароднай абароны.
Паводле дзеючых правілаў, такія справы павінны разглядацца на працягу 6 месяцаў з моманту падачы заявы. У больш складаных выпадках або пры вялікім наплыве заяў гэты тэрмін можа быць падоўжаны да 15 месяцаў. На практыцы органы ўсё часцей выкарыстоўваюць гэтую магчымасць.
Новая рэдакцыя закона прадугледжвае поўную адмену гэтых тэрмінаў. Гэта азначае, што Упраўленне па справах іншаземцаў больш не будзе абавязана інфармаваць заяўнікаў пра падоўжанне тэрміну разгляду справы, а таксама не будзе несці адказнасці за яго парушэнне.
Хаця ў законапраекце аб дапамозе ўкраінскім уцекачам пазначана, што новыя нормы будуць дзейнічаць да 4 сакавіка 2026 года, практыка паказвае, што падобныя захады часта падаўжаюцца і фактычна становяцца бестэрміновымі. Напрыклад, з сакавіка 2022 года не дзейнічаюць тэрміны разгляду спраў аб часовым відзе на жыхарства. Нягледзячы на тое, што закон арыентаваны на дапамогу ўкраінцам, змены закрануць усіх заяўнікаў, незалежна ад грамадзянства.
Варта адзначыць, што іншаземцы, чые справы не будуць разгледжаны на працягу 6 месяцаў не па іх віне, і надалей змогуць атрымаць у Упраўленні па справах іншаземцаў пасведчанне, якое дае права на легальную працу ў Польшчы.
Паводле чыноўнікаў, змены неабходныя, бо Упраўленне не спраўляецца з ростам колькасці заяў. Толькі ў першай палове 2025 года за міжнароднай абаронай звярнуліся 8,5 тыс. чалавек, з іх 5 тыс. — грамадзяне Украіны. Гэта амаль у два разы больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года, калі было пададзена 2,7 тыс. заяў ад украінцаў. Для параўнання: колькасць беларусаў, якія звярнуліся па абарону, скарацілася з 2 тыс. да 1,6 тыс.
Прэс-сакратар Упраўлення па справах іншаземцаў Якуб Дудзяк у інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita адзначыў, што значная частка заяўнікаў злоўжывае працэдурай міжнароднай абароны, выкарыстоўваючы яе як спосаб хуткай легалізацыі знаходжання. Ён таксама падкрэсліў, што многія ўкраінскія мужчыны ідуць гэтым шляхам, каб пазбегнуць мабілізацыі.
фота: strazgraniczna.pl

