У пятніцу, 4 ліпеня, адбылася сустрэча намесніка Святланы Ціханоўскай, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі і прадстаўніцы беларускай прававой ініцыятывы «Партызанка» Ганны Мацiеўскай з дырэктарам Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў працэсе легалізацыі знаходжання ў Польшчы. Сярод іншага разглядаліся наступныя пытанні:
Стасаванне дублінскага рэгламенту
Паводле так званага дублінскага рэгламенту, краіна-член ЕС мае права перадаць заяўніка на міжнародную абарону ў тую дзяржаву, якая раней выдала яму візу або дазвол на жыхарства. У апошні час Польшча ўсё часцей выкарыстоўвае гэты механізм.
Дырэктар Упраўлення па справах замежнікаў параіў беларусам комплексна рыхтаваць справу яшчэ да прыняцця рашэння па першай інстанцыі.
«Для гэтага раім звяртацца да нас па дапамогу ў фармулёўцы аргументацыі і зборы доказаў. Мы самастойна або праз кантакты з профільнымі спецыялістамі паспрабуем дапамагчы падрыхтаваць справы так, каб знізіць рызыку перадачы іх „па Дубліну“», – паведамляюць юрысты «Партызанкі» ў сваім тэлеграм-канале і падкрэсліваюць, што не варта зацягваць з вырашэннем гэтага пытання, бо маруднасць можа істотна знізіць шанцы на станоўчае рашэнне.
Статус польскага праязнога дакумента
Падрыхтоўваюцца заканадаўчыя змены, якія нададуць польскаму праязному дакументу статус афіцыйнага дакумента, які сведчыць асобу. Цяпер беларусы з такімі дакументамі сутыкаюцца з цяжкасцямі, напрыклад, пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў.
Працягваецца праца па падаўжэнні тэрміну дзеяння дакумента. Гэтыя змены маюць асаблівую важнасць пасля ўвядзення так званага «пашпартнага дэкрэта» Лукашэнкі, які забараняе падаўжэнне беларускіх пашпартоў за мяжой.
Доступ да сацыяльных выплат, працы і медыцыны па дублінскай працэдуры
Ганна Мацiеўская прадставіла прававую аргументацыю на карысць забеспячэння доступу асобам па працэдуры «Дубліна» да:
- сацыяльных выплат,
- легальнай працы (на падставе дазволу кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў),
- дзяржаўнай медыцынскай дапамогі.
Томаш Цытрыновіч абяцаў прааналізаваць прадстаўленыя прапановы і даць зваротную сувязь.
Доступ да рынку працы
Каб пазбегнуць перапынкаў у доступе да рынку працы, замежнікам, якія маюць дазвол на працу, раяць загадзя падаваць заяву на замену часовага дакумента, які сведчыць асобу. Да заявы трэба прыкласці пацверджанне наяўнасці дазволу на працу, што можа паскорыць працэдуру абмену.
Скарачэнне тэрмінаў разгляду спраў на ВНЖ
Упраўленне па справах замежнікаў працуе над укараненнем новых электронных сістэм, якія павінны значна паскорыць апрацоўку спраў і скараціць чэргі ў ваяводскіх управах.
Гэта датычыцца асабліва:
- працоўных відаў на жыхарства,
- вядзення бізнесу,
- уз’яднання з сям’ёй,
- навучання.
Запыты на экстрадыцыю ў Беларусь
Падчас сустрэчы быў таксама ўзняты пытанне экстрадыцыйных запытаў з боку беларускіх уладаў. Ганна Мацiеўская падзялілася практычным досведам вядзення такіх спраў у Польшчы і агучыла канкрэтныя рэкамендацыі для паляпшэння працы польскіх праваахоўных органаў.
Дырэктар Цытрыновіч паабяцаў падрыхтаваць і накіраваць інфармацыйныя матэрыялы ва ўсе адпаведныя структуры, каб павысіць інфармаванасць супрацоўнікаў і забяспечыць карэктнае рэагаванне на падобныя запыты.

