Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў новы закон аб рынку працы і службах занятасці, які ўводзіць шэраг карысных змен для беспрацоўных — як грамадзян Польшчы, так і замежнікаў. Цяпер дапамога па беспрацоўі для асоб з кароткім стажам працы будзе вышэйшая, а рэгістрацыя ў цэнтры занятасці будзе магчымая незалежна ад месца прапіскі.
Вышэйшая дапамога для асоб з кароткім стажам
Раней асобы з кароткім стажам працы (менш за 5 гадоў) атрымлівалі толькі 80% стандартнай дапамогі. Новы закон мяняе гэта — цяпер кожны беспрацоўны, незалежна ад стажу, мае права на поўную суму дапамогі (у 2025 годзе яна складае 1662 злотыя). Гэта асабліва важна для маладых людзей і замежнікаў, якія толькі пачынаюць сваю кар’еру ў Польшчы.
Рэгістрацыя незалежна ад месца прапіскі
Беспрацоўныя змогуць рэгістравацца ў цэнтрах занятасці па месцы фактычнага пражывання, а не па месцы прапіскі. Гэта палегчыць доступ да дапамогі для тых, хто жыве далёка ад месца пастаяннага пражывання.
Бон на жыхарства для кожнага
Фінансавая дапамога на пераезд за працай, так званы бон на жыхарства, цяпер будзе даступная для ўсіх беспрацоўных, незалежна ад узросту. Раней ёю маглі скарыстацца толькі маладыя людзі да 30 гадоў.
Пазыкі на адукацыю і перападрыхтоўку
Навіной таксама з’яўляюцца пазыкі для беспрацоўных на атрыманне новай прафесіі або пачатак навучання. Іхняя сума можа дасягаць 400% сярэдняй зарабатнай платы. Пасля выканання ўмоў праграмы частка пазыкі (20%) можа адпісацца.
Менш бюракратыі, больш падтрымкі
Цэнтры занятасці ўжо не будуць павінны рыхтаваць Індзівідуальныя планы дзеянняў для кожнага беспрацоўнага. Яны будуць патрэбныя толькі для асоб да 30 гадоў і тых, хто знаходзіцца без працы больш за 120 дзён.
Дадатковая дапамога для асобных груп
Закон таксама прадугледжвае:
- фінансаванне працаўладкавання пенсіянераў,
- магчымасць рэгістрацыі фермераў у цэнтры занятасці,
- прыярытэтную падтрымку для шматдзетных сем’яў і адзінокіх бацькоў.

