Папулярныя гандлёвыя сеткі Польшчы ўжо рыхтуюцца да летняга сезона і актыўна шукаюць сезонных работнікаў.
Праца чакае ў самых папулярных курортных месцах — на Балтыйскім узбярэжжы, у гарах і на Мазурах. Прапануюцца не толькі стандартныя стаўкі, але і бясплатнае пражыванне, кампенсацыя выдаткаў на дарогу, прэміі і іншыя бонусы.
Напрыклад, Biedronka прапануе працу па дамове даручэння з пагадзіннай стаўкай 30,50 злотых брута. Праца будзе даступная ў такіх папулярных месцах, як Уладзіславава, Ястарня, Гіжыцка і Закопанэ. У некаторых выпадках фірма забяспечвае пражыванне.
У Biedronka адзначаюць, што сезонная праца — гэта не толькі магчымасць зарабіць, але і шанс сумясціць працу з адпачынкам. Працаўнікі могуць карыстацца курортнай атмасферай у вольны час, а таксама атрымліваць дадатковыя прэміі — штомесячныя і спецыяльныя летнія.
Сезонную працу таксама прапануе Lidl Polska. Працаўнікам прапануюць часовую працу ў Свінауйсці, Устцы, Лебе, Закопанэ, Мельне і іншых курортных гарадах. Умовы падобныя: бясплатнае пражыванне, кампенсацыя транспартных выдаткаў, летні бонус у памеры 1000 злотых брута ў месяц і падарункавыя гаджэты. Усе ўдзельнікі праграмы захоўваюць свае месцы ў «родных» крамах.
Да летняга сезону рыхтуецца таксама Aldi. Кампанія плануе наняць сезонных працаўнікоў у Устцы, Гдыні і Калабжэгу па дамове даручэння. Стаўка — ад 32,50 да 34,50 злотых брута за гадзіну.
А вось Kaufland не мае спецыяльных сезонных праграм — набор вядзецца звычайным чынам у залежнасці ад патрэб канкрэтных крамаў. Новыя працаўнікі могуць разлічваць на поўны пакет льгот, уключаючы медыцынскае страхаванне, спартыўную карту і падарункавыя ваўчары.

