У Польшчы стартавала новая прафілактычная праграма «Moje Zdrowie»

У Польшчы запушчана новая ініцыятыва ў сферы аховы здароўя – прафілактычная праграма «Moje Zdrowie». У параўнанні з папярэдняй праграмай, якая была прызначана толькі для людзей старэйшых за 40 гадоў, новая праграма даступная таксама і для моладзі.

Хто можа скарыстацца праграмай?

Бясплатна прайсці абследаванне могуць усе пацыенты ва ўзросце ад 20 гадоў, якія маюць дзяржаўнае медыцынскае страхаванне NFZ. У залежнасці ад узросту, частата абследаванняў наступная:

  • Асобы ва ўзросце 20–49 гадоў – раз на 5 гадоў
  • Асобы старэйшыя за 49 гадоў – раз на 3 гады

Калі пацыент ужо ўдзельнічаў у папярэдняй праграме Profilaktyka 40+, ён можа скарыстацца «Moje Zdrowie» не раней, чым праз 12 месяцаў пасля мінулага абследавання.

Як запісацца на абследаванне?

Каб прайсці абследаванне, трэба запоўніць анкету ў Інтэрнэт-кабінеце пацыента, у мабільнай праграме Moje IKP або асабіста ў медыцынскай установе (POZ). Пры запаўненні анлайн трэба выбраць установу, у якую паступіць анкета. На падставе адказаў будзе выдадзена накіраванне на аналізы.

Якія абследаванні прадугледжаны?

У паліклініцы пацыенту змераць артэрыяльны ціск, правераць базавыя антрапафізічныя паказчыкі, а людзям старэйшым за 60 гадоў – ацэняць кагнітыўныя здольнасці.

Базавы пакет аналізаў уключае: агульны аналіз крыві (морфалогія), аналіз крыві на глюкозу, ліпідны профіль (агульны халестэрын, LDL, HDL, трыгліцерыды), гармоны шчытападобнай залозы (TSH).

У залежнасці ад узросту і анкетных дадзеных, могуць прызначацца дадатковыя абследаванні:

  • ферменты АЛТ і АСТ
  • гама-глутамілтрансфераза
  • PSA — антыген для ранняй дыягностыкі раку прадсталёвай залозы (для мужчын)
  • Anti-HCV — аналіз на гепатыт С
  • ліпапратэін А — паказчык рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў

Што адбываецца пасля абследавання?

У адрозненне ад папярэдняй праграмы Profilaktyka 40+, пасля здачы аналізаў па праграме «Moje Zdrowie» неабходна сустрэцца з лекарам або медсястрой. Яны складуць індывідуальны план здароўя пацыента.

Што з папярэдняй праграмай?

Праграма Profilaktyka 40+ завершана. Але калі заяўка была пададзена да канца красавіка 2025 года, ёсць магчымасць прайсці абследаванне да канца мая 2025 года.