У 2025 годзе на польскіх прадпрымальнікаў чакае шэраг змен. Ніжэй прадстаўлены некаторыя з найважнейшых.
Паменшанне нагрузкі для малых фірмаў
Адным з ключавых новаўвядзенняў стане змена парадку разліку ўзносаў на медыцынскае страхаванне (składka zdrowotna). Мінімальная база для вылічэння гэтага ўзносу будзе зменшаная з цяперашніх 100% да 75% ад мінімальнай заработнай платы. У выніку прадпрымальнікі, якія фіксуюць страты або чый даход не перавышае ўзровень мінімальнай зарплаты, будуць плаціць узнос у памеры 9% ад 75% мінімальнай заработнай платы.
Гэтае змяненне закране падаткаплацельшчыкаў, што разлічваюць падатак па прагрэсіўнай шкале, плацяць лінейны падатак (19%) або выкарыстоўваюць падатковую карту. Такім чынам, асобы, якія вядуць невялікую дзейнасць альбо маюць вельмі нізкія даходы, змогуць ашчадзіць да 105 злотых у месяц. Чакаецца, што новая сістэма закране каля 934 тыс. прадпрымальнікаў.
Дадатковай перавагай для фірмаў стане адмена абавязку плаціць медыцынскі ўзнос з даходаў ад продажу асноўных сродкаў. Гэты крок, які патэнцыйна закране 2,4 млн асоб, што ажыццяўляюць несельскагаспадарчую дзейнасць, можа істотна зменшыць выдаткі малога і сярэдняга бізнесу.
Пачынаючы з 2026 года плануецца таксама ўвядзенне дзвюх ставак медыцынскага ўзносу: фіксаванай і зменнай. Фіксаваная стаўка (9% ад 75% мінімальнай зарплаты) будзе дзейнічаць да пэўных парогаў даходу — для прадпрымальнікаў, якія разлічваюць падаткі па агульных правілах або лінейна, гэта будзе 1,5-кратная велічыня сярэдняй зарплаты, а для тых, хто плаціць адзіны падатак (ryczałt), — 3-кратная велічыня сярэдняй зарплаты. Даходы, што перавысяць гэтыя ліміты, будуць абкладацца зменнай стаўкай (4,9% для агульнай шкалы і лінейнага падатку, 3,5% для ryczałt).
Павышэнне ўзносаў у ZUS
Узрастуць таксама ўзносы на сацыяльнае страхаванне (ZUS). Базай для іх разліку з’яўляецца 60% ад сярэдняй заработнай платы, якая, паводле прагнозаў на 2025 год, складзе 8673 злотых. Такім чынам, база павялічыцца да 5203,8 злотых, а ўзносы ўзрастуць прыкладна на 173,64 злотых у месяц.
У 2025 годзе памер асобных узносаў ZUS будзе прыкладна наступны:
- Пенсійны (19,52%): каля 1015,78 злотых
- Па інваліднасці (8%): каля 416,30 злотых
- Па хваробе (2,45%): каля 127,49 злотых
- Ад няшчасных выпадкаў (1,67%): каля 86,90 злотых
- У Фонд занятасці (2,45%): каля 127,49 злотых
Касавы метад падаткаабкладання (kasowy PIT) для малых фірмаў
З 2025 года для прадпрыемстваў з гадавым даходам да 2 млн злотых уводзіцца касавы метад разліку падаходнага падатку (kasowy PIT). Гэта дазволіць сплачваць падатак толькі пасля фактычнага атрыманання сродкаў ад кліента, што палегчыць кіраванне ліквіднасцю, асабліва пры затрымках плацяжоў. Новая опцыя будзе даступная як для прадпрыемстваў, што плацяць лінейны падатак (19%), так і для тых, хто карыстаецца адзіным падаткам (ryczałt).
Павелічэнне выдаткаў на найм работнікаў
З студзеня 2025 года мінімальная заработная плата павялічыцца да 4666 злотых брута, што прывядзе да росту выдаткаў працадаўцаў, у тым ліку больш высокіх узносаў і падаткаў. Паводле ацэнак, агульныя выдаткі на ўтрыманне работніка з мінімальнай зарплатай вырастуць прыкладна на 440 злотых у параўнанні з 2024 годам.
Змены ў акцызах
З 2025 года прадпрымальнікі змогуць вярнуць акцыз, сплачаны за легкавыя аўтамабілі, часова зарэгістраваныя ў Польшчы з мэтай наступнага вывазу за мяжу. Цяпер такая магчымасць існуе толькі для аўтамабіляў, якія ніколі не былі зарэгістраваныя ў краіне.
Адтэрміноўка інтэграцыі кас з тэрміналамі
Фірмы, якія не паспелі інтэграваць касавыя апараты з плацежнымі тэрміналамі, змогуць зрабіць гэта да сакавіка 2025 года без штрафных санкцый. Пакуль касы не здольныя аўтаматычна перадаваць падатковым органам даныя аб транзакцыях, інфармацыя будзе паступаць ад банкаў і плацежных сістэм.
Новая класіфікацыя відаў дзейнасці (PKD)
У 2025 годзе будуць унесены змены ў Польскую класіфікацыю відаў дзейнасці (PKD). Гэта важны інструмент, які дазваляе дакладна вызначыць сферу дзейнасці прадпрыемства і ўплывае на выбар падаткаў, збораў, а таксама неабходных дазволаў і ліцэнзій. Новыя правілы будуць асабліва значнымі для тых, хто плануе адкрыць або пашырыць бізнес у 2025 годзе, бо правільны выбар кода PKD можа паўплываць на пералік неабходных дакументаў і памер абавязковых плацяжоў.

